МАГНІ́ТНАЯ ВЯ́ЗКАСЦЬ,
1) у ферамагнетыках — запазненне ў часе змены значэнняў намагнічанасці, магнітнай пранікальнасці і інш. характарыстык магнетыка ад змены знешняга магн. поля (наз. таксама магнітнае паслядзеянне).
Разам з гістэрэзісам і віхравымі токамі абумоўлівае страты энергіі пры перамагнічванні ферамагнетыка ў пераменным полі. Выклікаецца рознымі прычынамі ў залежнасці ад структуры магнетыка, умоў намагнічвання і т-ры, у выніку чаго яго намагнічанасць устанаўліваецца пасля змены знешняга магн. поля праз некат. час (ад 1 нс да некалькіх мінут і гадзін). Напр., пры аперыядычных зменах магн. поля пры значэннях яго напружанасці, блізкіх да каэрцытыўнай сілы, М.в абумоўліваецца віхравымі мікратокамі, якія ўзнікаюць у магн. правадніках пры руху сценак магн. даменаў.
2) М.в. у магнітнай гідрадынаміцы — фіз. велічыня, якая характарызуе кінематычныя і дынамічныя ўласцівасці эл,праводных вадкасцей і газаў пры іх руху ў магн. полі.
т. 9, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)